Беларуская Служба

Сікорскі апярэджвае Туска ў апытаннях: ці будзе змена прэм'ер-міністра?

11.07.2025 14:12
Партал Onet.pl паведамляе, што пасля паразы на прэзідэнцкіх выбарах кандыдата ад урадавай кааліцыі, усё гучнейшымі робяцца размовы пра замену прэм'ер-міністра.
Міністр замежных спраў Радаслаў СікорскіPAP/Marcin Obara

Апошняе апытанне грамадскай думкі паказвае, што міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі апярэджвае прэм'ера Дональда Туска ў вачах грамадскасці.

Неспакой у кіруючым лагеры набірае абароты пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Караля Наўроцкага, піша партал. Заявы дэпутатаў урадавай кааліцыі, у тым ліку Марэка Савіцкага з Польскай народнай партыі (PSL) і Ізабэлы Боднар, сведчаць аб тым, што магчымасць замены прэм'ер-міністра да парламенцкіх выбараў 2027 года больш не з'яўляецца табу.

Апытанне, праведзенае SW Research па замове Onet, паказвае відавочны сігнал для ураду: давер грамадскасці да Дональда Туска змяншаецца. Рэспандэнтаў спыталі, ці лічаць яны Радаслава Сікорскага лепшым кандыдатам на пасаду прэм'ер-міністра, чым цяперашняга кіраўніка ўрада. 33,3% рэспандэнтаў адказалі «так», а 31,4% — «не». Найбольшая частка — 35,3% — выбрала «цяжка сказаць».

Розніца невялікая, але той факт, што Сікорскі атрымаў больш станоўчых водгукаў, чым Туск, можа мець палітычныя наступствы.

Варта адзначыць структуру падтрымкі. Сярод мужчын ажно 41,9% лічаць, што Сікорскі быў бы лепшым прэм'ер-міністрам. Сярод жанчын такі ж працэнт складае 25,8%. Міністр замежных спраў атрымаў моцную падтрымку сярод тых, каму маладзей за 24 гады, прычым 47,9% маладзёнаў бачаць у ім патэнцыйнага лідара ўрада.

Сікорскі таксама карыстаецца грамадскім даверам. У ліпеньскім апытанні IBRiS ён заняў першае месца з 43,2% станоўчых ацэнак, апярэдзіўшы новаабранага прэзідэнта Наўроцкага, але і Рафала Тшаскоўскага. У той жа час ажно 52,3% рэспандэнтаў заявілі пра недавер да Дональда Туска.

юл